ХІМІ́ЧНАЯ ФІ́ЗІКА,

раздзел навукі на мяжы хіміі і фізікі. Спалучае фізічную хімію, плазмахімію, фотахімію, хімію цвёрдага цела, электрахімію. Тэрмін увёў ням. хімік А.​Эйкен (1930). У самаст. раздзел вылучылася ў пач. 20 ст. са з’яўленнем квантавай механікі, квантавай хіміі, кінетыкі хімічнай. Найб. эфектыўна Х.ф. фарміравалася як вынік развіцця тых раздзелаў хіміі, у якіх прагрэс дасягаўся з выкарыстаннем сучаснай тэхнікі фіз. эксперыменту і дасягненняў тэарэт. фізікі. Уклад у развіццё Х.ф. зрабіў М.М.Сямёнаў, які ў 1920—30-я г. адначасова з С.Н.Хіншэлвудам стварыў тэорыю ланцуговых хімічных рэакцый.

Х.ф. вывучае квантава-мех. паходжанне хім. узаемадзеянняў і рэакцыйнай здольнасці злучэнняў, будову і ўласцівасці малекул, кластэраў, крышталёў і вадкасцей, даследуе прыроду элементарных актаў хім. працэсаў, свабодна-радыкальных рэакцый, фотахім. і радыяцыйна-хім. працэсаў. Новы кірунак Х ф. — даследаванне хім. паводзін рэчываў у экстрэмальных умовах (напр., пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, звышмоцных магнітных і эл. палях). Вывучае таксама працэсы, якія выклікаюцца ўдарнымі хвалямі ў газах і вадкасцях; дзеяннем магутнага лазернага выпрамянення і інш. Метады даследавання: аптычная і люмінесцэнтная спектраскапія, мас-спектраметрыя, рэнтгенаструктурны аналіз, электронаграфія і інш. Асобная ўвага аддаецца імпульсным метадам вывучэння хуткіх працэсаў (напр., імпульсны фатоліз).

На Беларусі даследаванні па Х.ф. вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. хіміі, агульнай і неарган. хіміі, фізікі Нац. АН, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це.

Літ.:

Семенов Н.Н. Химическая физика. Черноголовка, 1975;

Бутягин П.Ю. Химическая физика твердого состояния вещества. [Ч. 1—2]. М., 1989—91;

Химическая физика на пороге XXI в. М., 1996.

А.​І.​Кулак.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)